Развіццё народнага ткацтва на Лідчыне

Печать

   Адным з багатых і старажытных промыслаў беларусаў з'яўляецца народнае ткацтва. На працягу стагоддзяў яно развівалася, удасканальвалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне. У народным ткацтве знайшла сваё адлюстраванне векавая гісторыя беларускага народа, яго майстэрства, мастацкі густ.
   На Беларусі ткацтва вядома з глыбокай старажытнасці, пра што сведчаць археалагічныя знаходкі (прасліцы, адбіткі тканін на керамічных пасудзінах, многія з якіх датуюцца 2-й пал. 1-га тысячагоддзя да н. э.). Чаўнакі і інш. дэталі гарызантальных ткацкіх станаў знойдзены пры раскопках у Гродне, Мінску, Полацку, Віцебску ў культурных слаях канца 11-13 ст. Узораў старажытных тканін да нашага часу захавалася мала. Некаторыя звесткі пра іх дэкор даюць творы выяўленчага мастацтва, напрыклад, іконы.