Нёман i Лоша

   Даўно-даўно, тысячы гадоў назад з-пад вялізнага каменя, дзе б'е крынічка, нарадзіўся славуты багатыр. Яго назвалі Нёманам. Жыў сярод лясоў дрымучых, лугоў шырокіх. Прыгожы, працавіты. Прыродзе і людзям і ўсяму жывому дабром плаціў. Па суседству жыла Лоша. Лянівая, ляжала ў цяньку, сабою любавалася. Нікому ад яе не было ніколі ні радасці, ні карысці. Лоша часта заглядала да свайго суседа. За маўклівасць называла яго Неманцом.

   Цяпер ніхто не ведае: за што Нёману прыглянулася такая красуня. Адно вядома, было вяселле. Гуляла на ім уся радня жаніха: і Сула, і Уса, і Уздзянка, і Шчара... Каго толькі тут не было! Пілі, балявалі, маладым шчасця ды добрай долі жадалі. Скончылася вяселле, пачаліся будні.

   Зноў Нёман не ведаў ні дня, ні ночы. Паіў, карміў, туліў усіх, хто да яго гарнуўся: і чалавека, і звера, і птаха, і рыбу, і жыўнасць усякую. Цешыў сваёй люстэркай вод прыбярэжныя лясы, палеткі, лугі. На сваіх магутных грудзях насіў чоўны, ганяў плыты.

   Не раз запрашаў на шырокі прастор і сваю красуню ненаглядную. Толькі тая заставалася абыякавай да ўсяго, халоднай па-ранейшаму, не хацела дзяліць са сваім багатыром яго нягоды і радасці.

   Не па душы было такое жыццё Нёману. Аднойчы цёмнай ноччу кінуўся ўпрочкі. Стараўся замесці след: дзе пад поплавам прабяжыць, дзе для перадыху вынырне плёсам, тоней, азярцом, а затым зноў схаваецца. I толькі там, дзе цяпер Забалоцце стаіць, багатыр у адкрытую пайшоў да мора.

   Прачнулася Лоша, а Нёмана няма. Пачала даганяць уцекача, ды не ў той бок кінулася. Па далінах ды нізінах бегла. Ажно сіл не ставала, ды й не ведала, куды далей падацца. Гукала-клікала на дапамогу, але ніхто не прыйшоў: ні Пціч, ні Бярэзіна, ні Свіслач... Толькі Выня паспачувала гору сваёй сяброўкі. Выбеглі яны ўдзвюх да груда пясчанага, дзе сягоння Пясочнае, і ўбачылі: Нёман праз долы і лясы дарогу сабе пракладае. Хвалямі горкіх слёз кінулася Лоша ў абдымкі да свайго багатыра: адчула, жыць па-ранейшаму ды яшчэ адной заставацца - няварта, зачахнуць можна. Пачала дапамагаць Нёману. 3 цягам часу і людзі не абмінулі яе стараною: паблізу пачалі будавацца. Так нарадзіліся вёскі Лоша, Мрочкі, Перавоз, Сасноўка, Рачыца, Пад'ельнікі, Пясочнае.

   Нёман ніколі не забывае родныя мясціны. Кожную вясну, кожную восень дажджлівую вяртаецца да маці сваёй - крынічкі, якая цячэ з-пад вялізнага каменя, вяртаецца сюды, каб сустрэцца са сваёй Лошай, са сваёй маладосцю...


Легенды і паданні / [Склад. М.Я.Грынблат і А.І.Гурскі; рэд. Тома А.С.Фядосік]. – 2-е выд., дап. і дапрац. – Мн.: Бел. навука, 2005. С.385-386

 

 


Joomla CMS