Мыто

Myto   У далёкія-далёкія і старадаўнія часы на месцы, дзе зараз знаходзіцца вёска Мыто, мелася граніца паміж двума ўладаннямі. Адзін з гэтых уладароў быў надта грозны, сквапны і жорсткі, ад яго цярпелі ўсе: і свае людзі, і зверы, і купцы. Усё жывое ён аблажыў вялікімі подацямі, а прыезджых, гандляроў і падарожнікаў абдзіраў да апошняй ніткі... Людзі беглі з уладанняў гэтага нелюдзя, а купцы ці па рацэ або па дарозе імкнуліся незаўважна праскочыць яго маёмасную зямлю. А каб ніхто не змог таемна праслізнуць, гаспадар гэтай тэрыторыі загадаў пабудаваць мытную заставу на рацэ Дзітва. Мытнікі не так збіралі пошліну з купцоў, як найбольш забівалі гандляроў і рабавалі іх тавары. Жорстка яны адносіліся і да беглых. Спачатку іх трымалі ў ямах, напоўненых сцюдзёнай вадой, а потым адсякалі па два пальцы на левай руцэ і назе, выколвалі левае вока... Але нядоўга цешыўся сваімі багаццямі гэты крыважэрца. У адну ноч, калі яны стаялі ля ракі ў чаканні купцоў з поўначы, тыя ж дазналіся пра гэта і падгаварылі падняволеных разам з імі выступіць. Падняволеныя пагадзіліся і ўзялі з сабою косы, дубіны і калы.

   Купцы прыпынілі свае лодкі з таварамі, падрыхтавалі плыты з гаручымі сумесямі і перад мытнай заставай запалілі, а самі незаўважана пакінулі іх.

   У той жа час, калі ўладар назіраў за зіхатлівай з'явай на сваім участку ракі, купцы са слугамі і паднявольныя людзі накінуліся на яго, ахову і мытнікаў. У страшэннай бойцы засталіся знішчанымі і мытная застава, і мытнікі, і ўладар. Трупы былі складзены пасярэдзіне, абкладзены дровамі і спалены.

   Каля дзесятка гадоў на гэтым папялішчы ніхто не сяліўся, а потым прыйшлі новыя людзі, пабудавалі сабе хаціны, засеялі зямлю, а ў памяць аб былым назвалі сваё месца МЫТО.


Маліноўскі, М. Канец жорсткага ўладара // Лідская газета. -1998. - 22 жніўня.


 


Joomla CMS