Мацэвічы

Motevichi   Ад Мацея, які некалі жыў тут, пайшла назва вёскі. Такі ўжо штукар быў, што людзі яго з замілаваннем згадваюць. А калі хто якую штуку выкіне, то і зараз скажуць:

   - Няйначай Мацеевы ўнукі пастараліся, іншыя да гэткага не дадумаліся б.

   Кажуць, ён з дзяцінства такі быў, і згадваюць наступны выпадак.

   Аднаго разу Мацееў бацька запрасіў суседа дапамагчы гумно крыць. Да полудня ні хвілінкі не адпачывалі мужчыны, усё працавалі, а потым гаспадар і кажа: - Пайшлі, чалавеча. Праца працай, а перакусіць трэба, бо да вечара яшчэ далёка, а сіла сама па сабе не адновіцца.

   Селі яны за стол. Гаспадыня забегала вакол іх - усё самае лепшае ставіць, каб чужы чалавек потым благога слова не сказаў пра іх, што пашкадавалі ці схавалі нешта. Вось есць той сусед ды нахвальвае, што ўсё так смачна. Гаспадары некуды на хвіліну адлучыліся, і тут з-за печы паказалася Мацейкава галава:

   - Ты, дзядзька, есці еш, але не забывайся пра тое, што і мне пакінуць трэба. Ды не самага горшага і не таго, што сам ужо паспрабаваў...

   Чалавек той лыжку ўзняў, а да рота так і не данёс. А тут і гаспадар вярнуўся ў хату:

   - Што гэта ты, суседзе, не ясі?

   - Дзякуй, - адказвае той. - Я ўжо наеўся, - а сам на печ са злосцю паглядае.

   Гаспадар так і не зразумеў, чаму сапсаваўся настрой у чалавека. Дапрацавалі яны да вечара, а на вячэру сусед і ў хату не пайшоў, спаслаўшыся на тэрміновыя справы дома. На тым і разышліся.

   Такім і вырас Мацей. Асабліва любіў пасмяяцца над багатымі ці над бацюшкам. Чамусьці служак Бога ён болей за ўсё не любіў. Чым ужо яны гэтак дапяклі яго - і да гэтата часу невядома, а вось чым той вясковец бацюшку адплаціў - і зараз яшчэ даволі часта пераказваюць. А здарылася вось што.

   Аднаго разу з бацюшкавага падворка ўкралі двух самых лепшых канёў. Зрабіў гэта, як вы здагадаліся, Мацей. Загнаў ён коней у далёкае мястэчка на кірмаш і там выгадна прадаў цыганам. На добрым падпітку дамоў дабраўся, а ў вёсцы перапалох: гамана, крыкі, матушка плача, валасы гатова на сабе рваць, а бацюшка напіўся з раніцы. Яшчэ б! Такіх коней зладзеі пакралі! Вартаўніка-небараку так адлупцавалі, што той ляжаў пад страхой і вохкаў.

   А Мацей, не быў бы ён Мацей, адляжаўся пасля моцнай п'янкі і вырашыў яшчэ над бацюшкам пасмяяцца. Пайшоў да ягонай хаціны дый кажа:

   - Я, бацюшка, грэх невялікі маю...

   - Адчапіся, не да цябе зараз!

   - Замаліць жа мне яго трэба...

   - Бачыш, у мяне гора вялікае.

   - Бачу, але ж і грэх немалы. Хачу, каб вы мне яго сёння ж адпусцілі.

   - Добра, кажы, не дуры мне болей галавы.

   - Справа ў тым, бацюшка... Гэта я ў вас коней украў...

   У бацюшкі ледзьве вочы не павылазілі, але ён хутка авалодаў сабой і пачаў лісліва:

   - Добра, Мацейка, што не ўтоіў, прызнаўся, болей таго - прыйшоў пакаяцца.

   - Ды надакучыла, бацюшка, грэх на душы трымаць. Самі ж разумееце...

   - Канечне... Разумею, але грэх сыдзе пры адной умове: калі ты сам у царкве пра гэта пры ўсім народзе скажаш. У нядзельку прыходзь і пасля малебна раскаешся.

   Пачухаўся Мацей:

   - Пры народзе яно неяк і не вельмі прыдатна...

   - Красці таксама непрыгожа.

   - Тады, бацюшка, згода. У нядзельку прыйду.

   Прыспела тая нядзелька. Бацюшка, задаволены, нешта спяваў, не вельмі падобнае на божыя малітвы, - Мацея чакаў. Сяляне, якіх папярэдзілі, што пасля малебна нешта адбудзецца, чакалі, ціха перамаўляючыся паміж сабой.

   Нарэшце наперад выйшаў Мацей, і бацюшка звярнуўся да вяскоўцаў:

   - Людзі, слухайце ўважліва. Усё, што скажа ваш аднавясковец, - чыстая праўда!

   Кашлянуў Мацей раз, другі і пачаў даволі бойка:

   - Родненькія мае, вось што я вам хачу сказаць. Усе дзеці ў нашай вёсцы, якія рыжыя, - гэта бацюшкава работа...

   Рагатаў народ так, што, здавалася, нават святыя на сценах пачалі пасміхвацца.

   Мацей не толькі сам такім быў, але і на нявестку яму пашанцавала. Маладзіца таксама за словам у кішэню не лезла.

   Аднаго разу, ужо цяжарная, яна села з Мацеем есці. Пазіраючы на яе вялізны жывот, ён і кажа:

   - Не еж надта многа, бо ты і так поўная...

   Жанчына спакойна паела, а калі гаспадар загадаў ёй паставіць у печ гаршчок з бульбай, то яна бульбы насыпала і паставіла. Мацей ледзьве з лаўкі не грымнуўся:

   - Што ж ты робіш? Ваду налі!

   А тая адказвае:

   - Навошта, ён жа і так поўны...

   Вось так весела і жыў Мацей. Даўно ён памёр, але засталіся на зямлі ягоныя нашчадкі і ўспаміны пра ўсялякія смешныя здарэнні, галоўным героем якіх быў Мацей. Таму і вёску тую, дзе ён некалі жыў, Мацэвічамі назвалі.


Гродзеншчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў (Склад., запіс., апрац. А.М.Ненадаўца). - Мн.: Беларусь, 1999.


 


Joomla CMS