Крупава

Krupovo   Жыў некалі тут хлопец, звалі яго - Крупеня. Сам з сябе нічога такі ўрадзіўся: высокі, плячысты, не асілак, але і не слабы, калі трэба было за сябе пастаяць ці дзе якую справу кулаком даказаць, то і гэта мог зрабіць без чужой дапамогі. Вёска ж была не маленькая, але і не вялікая. Людзі хто чым займаліся, але ў асноўным зямельку аралі ды засявалі - з таго і жылі, з таго і карміліся. Некаторыя борці па лясах стаўлялі і мёдам гандлявалі, іншыя паляваннем сям'ю падтрымлівалі ці рыбнай лоўляй. Адным словам, усім справа была, абы толькі не сядзелі, склаўшы рукі, а шчыравалі.

   Крупеня той быў адзіны сын у бацькоў. А бацькі ягоныя мелі багата зямлі і нават вятрак - млын, з дапамогай якога граблі яны грошы, што лапатай зямлю. Якую скажуць цану, такую селянін і плаціў. А не хочаш плаціць - бяры жаронцы і круці ўручную. Але ж ці многа накруціш? Таму і ішлі на паклон, таму і трывалі здзекі ды кпіны.

   Сын іхні ўрадзіўся хітрым і надта жвавым, а ўжо такі падкі да жанчын быў, што і бацькі не ведалі, у каго ён пайшоў. Ніводнай паўз сябе не прапускаў, каб не зачапіць, не паціскаць, а калі даведваўся, што недзе паблізу, а то і далёка, жыве жанчына вольных паводзін, то і туды наведваўся. А потым пеўнем хадзіў сярод вяскоўцаў і пахваляўся.

   Бегаць-то ён бегаў, ды здарылася так, што сам пачаў хінуцца да адной мясцовай дзяўчыны, якую звалі Гэлькай. I што дзіўна - была яна зусім непрыгожая, дробненькая, змізарнелая, здавалася, што яе нехта пастаянна крыўдзіў і Гэлька была вечна незадаволена і жыццём, і тым, што адбывалася навокал. Праўда, яе бацькі мелі багата грошай, так што тут Крупеня не пралічыўся.

   Пачаў ён да Гэлькі наведвацца. А тая, калі ён прыходзіў, сядзела сабе ціхенька, і нельга было зразумець, ці радуецца яна, ці пра нешта іншае думае. Мабыць, надакучыла хлопцу проста так хадзіць, і ён сказаў бацькам:

   - Бацька, маці, надумаў я жаніцца...

   Тыя ажно з лаўкі ўскочылі ад радасці.

   - Вось добра, сынку, вось малайчына. Мы не супраць. А з кім жа ты пабрацца хочаш, да каго сватоў пасылаць?

   - Чаго далёка хадзіць? Вунь да Гэлькі і пасылайце.

   Усяго чакалі бацькі, толькі не гэтага. Першым ачомаўся бацька:

   - Што ж ты, сынку, лепшай дзеўкі сабе выбраць не мог? Яна ж такая непрыгожая ды худая, што ад ветру пераламацца можа. Ходзіць нейкая перакрыўленая, незадаволеная...

   - Не дамо сваёй згоды! - катэгарычна запярэчыла і гаспадыня.

   - Не дасце - і не трэба! - са злосцю мовіў Крупеня, ляснуў дзвярыма і некуды прапаў ажно на тры дні.

   Калі вярнуўся, то на запытанне, дзе гэта ён лазіў, пачулі ў адказ:

   - Дзе трэба, там і хадзіў. А з вамі, пакуль да Гэлькі сватоў не пашлеце, увогуле размаўляць не буду.

   3 паўгода варагавалі бацькі з сынам. Нарэшце бацька не вытрымаў і, са злосці плюнуўшы, сказаў:

   - Хай на кім хоча, на тым і жэніцца! Наша справа якая? Не нам жа бедаваць, а яму, дурню гэтаму. Пашлём сватоў, так і быць. Няхай радуецца.

   Папрасілі бацькі суседа і яшчэ аднаго вяскоўца, і ў святую нядзельку сваты разам з Крупеням пайшлі да Гэлькі ў хату дамаўляцца наконт вяселля і ўсяго іншага, што ў такіх справах неабходна.

   Тут і здарылася самае цікавае. Калі Гэльку паклікалі да гасцей, то яна ўпала перад сваімі бацькамі на калені і запрасілася:

   - Родненькія, міленькія, не хачу я замуж за Крупеню ісці. Не аддавайце мяне, бо згубіце вы душу маю нявінную...

   Пачала галасіць, валасы на галаве рваць. Тут бацька не вытрымаў, ухапіў дзягу ды пачаў яе лупцаваць, прымаўляючы:

   - За каго скажу - за таго і пойдзеш! Не будзеш мяне перад людзьмі ганьбіць ды паганіць! Вон з хаты і чакай на вуліцы!

   Дзяўчына, збітая, ледзьве выпаўзла з дзвярэй, прыхілілася да вішанькі ў садочку дый заплакала горка:

   - Утаплюся, але за Крупеню не пайду, жыць з ім нестану.

   Мабыць праведаўшы, што сваты да Гэлькі прыйшлі, прыбег сюды другі хлопец - Іван, які кахаў дзяўчыну і да якога, як потым аказалася, яна сама хінулася. Бедалага яму ўсё і расказала. Іван заплакаў і з болем у душы вымавіў:

   - Раз ужо так атрымалася, то ідзі за яго. Ён жа багаты. А я... Ды і бацькі твае ад свайго не адступяцца. Што тут зробіш? Лёс у мяне такі нешчаслівы...

   Гэлька раптам сурова прамовіла:

   - Калі і выйду за яго, то дзіця ад цябе будзе! Пайшлі ў нашу лазеньку! Хутчэй, пакуль яны там выпіваюць!

   А Крупеня стаяў непадалёку і ўсё чуў. Счакаў ён хвілін колькі і следам прыпусціў. Узяў здаравеннае палена, падпёр ціхенька дзверы і падпаліў лазеньку, а сам адбегся да Гэльчынай хаты.

   Людзі пачалі гарлаць, што пажар, павыбягалі ўсе і пачулі крыкі і ў лазеньцы. Адчынілі дзверы і выпусцілі Гэльку з Іванам. Ніхто не дапытваўся, чаго яны там апынуліся, - не да гэтага было. Агонь пачаў перакідвацца з аднаго дома на другі, бо будыніны амаль што датыкаліся адна да другой, і да вечара амаль уся вёска выгарала, толькі галавешкі дыміліся. Ацалела толькі пакрыўленая лазенька ля самага лесу, і нехта з іроніяй прамовіў:

   - Эй, людцы, гэта ж... Крупенева...

   Крупеню вяскоўцы прагналі ад сваіх папялішчаў, каб ішоў у белы свет і там сабе новых сябрукоў шукаў, бацькі яго памерлі, а новую вёску, якую пачалі будаваць ля той адзінай лазенькі, называлі то Крупенева, то Крупава. Потым толькі Крупава засталося.


Гродзеншчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў (Склад., запіс., апрац. А.М.Ненадаўца). - Мн.: Беларусь, 1999.


 


Joomla CMS