Бярозаўка

Berezovka   Некалі нашы продкі пакланяліся паганскім багам. Многа іх было, і буйных, і дробных, адным словам - на ўсе выпадкі жыцця. Чалавек выбіраўся ў лес - маліўся таму Богу, які апекаваў над лесам і ляснымі звярамі, каб добра ўсё ў гэты дзень атрымалася, каб не было ніякіх ліхіх здарэнняў. Выпраўляўся на рыбалку - адпаведна маліўся Богу вады, каб той ненарокам не раззлаваўся і не забраў яго ў падводнае царства. Так і жылі, так і пакланяліся. Колькі стагоддзяў - цяжка сказаць. Відаць, многа, бо людзі тут надта даўно аселі. Але прыспелі новыя часы, і паўсюдна сталі ўводзіць новую веру - хрысціянскую.

   Спачатку толькі багатыя яе прынялі. Першым князь са сваёй сям'ёй стаў праваслаўным, затым яго прыбліжаныя пачалі новаму Богу маліцца, а ўжо потым сталі астатніх прымушаць у цэрквы ды ў храмы хадзіць, на каленях стаяць і Усявышняму паклоны адбіваць. Плакалі людзі, не хацелі цурацца сваіх ідалаў, якім і іхнія прадзеды ахвяры прыносілі, але што зробіш... Некаторыя забіралі сем'і і, захапіўшы толькі самае неабходнае, уцякалі ў глухія мясціны, каб там жыць па старадаўніх законах. Ды толькі нядоўга такое працягвалася, бо прапаведнікі хрысціянства і там іх знаходзілі.

   Недалёка ад мясціны, дзе зараз наша паселішча, стаяў вялікі палац, і жыў у ім вяльможны княжацкі ваявода, які хоць і залежаў ад тутэйшага валадара, але ўсё роўна сябе ставіў вышэй. Многіх бедных ён са свету звёў толькі з-за таго, што крыжык на шыі не насілі. Як ні малілі, як ні прасілі яго людзі, што няма за што купіць, няма чым заплаціць кавалю, ваявода і чуць нічога не жадаў. Усе вёскі і хутаркі, нават самыя маленькія, былі ахрышчаны, дзякуючы намаганням гэтага злога чалавека. Радаваўся ён і пры выпадку казаў князю:

   - У мяне ўсе праваслаўныя, у мяне, княжа, паганцаў няма.

   Хваліў валадар адданага служку, у прыклад іншым ставіў. Але аднаго разу закавыка атрымалася. Прыляцеў вершнік на ваяводскі двор і, не злазячы з каня, крыкнуў служкам:

   - Дзе гаспадар?

   - Адпачывае, а што? - запыталіся тыя.

   - Будзіце хутчэй, бо справа дужа неадкладная. Пабаяліся тыя марудзіць і паджгалі да ваяводы.

   - Ваявода-бацюхна, уставай, там пасланец да цябе.

   - Які пасланец у такую рань? Ідзіце, пакуль бізуном не адхадзіў. Паспаць з-за вас спакойна нельга.

   Але тыя не адыходзілі, зноў і зноў катурхалі свайго валадара:

   - Ваявода... Ваявода... Пасланец... Сцвярджае, што справа вельмі важная. Трэба ўставаць.

   Той вымушаны быў устаць:

   - Вядзіце яго да мяне.

   Калі пасланец паўстаў перад сонным ваяводам, то той сярдзіта прамовіў:

   - Што табе гэтак ужо карціць, калі не мог патрываць пару гадзін?

   Пасланец бохнуўся на калені:

   - Ваявода, не карай. Не мог я трываць, бо знайшлі мы адно паселішча, дзе яшчэ ёсць чалавек, які прытрымліваецца паганскае веры...

   - Дзе гэта вы знайшлі такое?

   - Ды зусім побач, амаль што ля твайго замка.

   - Быць такога не можа. Я ж тут усюды пабываў.

   - I я б не паверыў, каб на свае вочы не ўбачыў. Там нашыя людзі засталіся вартаваць, а мяне дзесяцкі паслаў тэрмінова паведаміць пра навіну.

   - А вы таго злыдня да мяне не прывалаклі?

   - Мы паспрабавалі было, але мясцовыя жыхары кінуліся на яго абарону, мы і пабаяліся.

   - Што, узброеныя воі пабаяліся сялян? Ты гэта мне хочаш сказаць?!

   Ваявода не на жарт вызверыўся, а пасланец адразу паспрабаваў перавесці гаворку ў іншы бок.

   - Мясцовыя жыхары аднагалосна сцвярджалі, што ён не заклікаў іх пакланяцца старым багам, а толькі дапамагаў лячыцца ад усялякіх хвароб. Таму дзесяцкі і паслаў мяне, каб я ўсё распавёў табе і прывёз адказ, як дзейнічаць далей.

   - А ніяк не дзейнічаць! - узарваўся гаспадар. - Едзь назад, і каб да палудня той вяшчун быў у мяне. Калі не даставіце, то сваёй шкурай заплаціце, так і перадай свайму дзесяцкаму!

   Ваявода пайшоў дасыпаць, а пераляканы вершнік ускочыў на каня і паімчаў назад.

   Пад полудзень звязанага вешчуна скінулі з каня прама перад палацам ваяводы. Гаспадар стаяў на ганку і, здавалася, спаў, але на самай справе, як толькі таго чалавека скінулі долу, ён адразу запытаўся:

   - Ну, што скажаш?

   - А нічога... - спакойна прамовіў вяшчун, падымаючыся на ногі. - Што я павінен гаварыць?

   - Чаму ты не прыняў хрысціянскае веры?

   - Я пакланяюся тым багам, якіх мае бацькі і дзяды прызнавалі. I нікога я не баюся, бо нікога не забіваў, нічога не краў...

   - Не краў? А хіба ты нічога не браў з тых, каго лячыў? - ваявода ажно наперад падаўся.

   - Так, не браў. I каштоўнасцей не збіраў, бо лічу іх непатрэбнымі ў жыцці. Людзей многіх лячыў і вылечваў нават тады, калі іншыя ўжо і не спадзяваліся на поспех, але платы ніколі не браў.

   - Не паверу я ў гэта! - ваявода тупнуў нагой.

   - А я цябе і не прашу мне верыць!

   Вяшчун паводзіў сябе незалежна. Ваявода ўпершыню бачыў чалавека, які трымаўся перад ім смела. Гэта яго і стрымлівала, і цікавіла, ці доўга ён будзе так сябе паводзіць.

   - Лепей кажы, дзе каштоўнасці, астатняе мяне не хвалюе!

   - У мяне няма каштоўнасцей.

   - Ты ведаеш, што мае людзі нават мёртвым языкі развязваюць?

   - Мне не развяжуць, бо з тваімі прыслугамі я і размаўляць не хачу. Яны не ведаюць, што такое чалавечая годнасць, і гэтаксама, як і ты, лічаць, што за золата ўсё можна купіць і прадаць.

   - Не загаворвай зубы, адказвай, дзе каштоўнасці!

   Вяшчун засмяяўся:

   - А ты, ваявода, дурань. На такой пасадзе і такая доўбня...

   Гаспадар пачаў было размахваць рукамі, але яго перабіў стары дзесяцкі, які ўвесь час маўкліва стаяў побач:

   - Ён гаворыць праўду, ваявода. Не знайшлі мы ў яго ніякіх каштоўнасцей. Толькі траўкі ўсялякія, кветкі ды зёлкі, больш нічога.

   - Ён іх закапаў, схаваў, вы проста не знайшлі!

   - Але ўсе, да каго мы звярталіся, аднагалосна сцвярджалі, што вяшчун лячыў іх бясплатна. Нават мёд і той браць адмаўляўся, хворым загадваў аддаць.

   - Бачыш ты на яго... А за што ж ён тады жыў і навошта было ўсялякіх хворых лячыць? Я ў цябе пытаюся, дзесяцкі? - узвыў ваявода.

   Вой зрабіў на ўсялякі выпадак пару крокаў назад і адразу ж заціх.

   Тут гаспадар зноў накінуўся на вешчуна:

   - Золата не любіш?! Каштоўнасцей не маеш?! Навошта мне такі палоннік?!

   - А я да цябе ў палон не прасіўся, - змрочна адказаў чалавек са звязанымі рукамі. Жыў сабе спакойна, пакуль твае служкі не прыляцелі ды прыдзірацца не пачалі. I не пайшоў бы, дык яны пачалі пагражаць, што вяскоўцаў пераб'юць. Іх-то за што? Што яны табе благога ўчынілі?.. Вось і вымушаны быў да цябе ў госці завітаць, але я не радуюся гэтаму.

   - За гэтыя словы я зараз загадаю цябе павесіць на самым высокім суку!

   - За што ж мне такая павага, ваявода? На суку, ды яшчэ на самым высокім? - здзекліва прамовіў вяшчун.

   Гаспадар болей не вытрымаў здзекаў, завішчэў, шалёна тупаючы нагамі:

   - У пятлю яго! У пятлю! Слугі, чуеце?!

   Але ў гэты момант да ваяводы падскочыў дзесяцкі.

   - Не рабі, ваявода, гэтага. Не рабі, прашу цябе.

   - Чаму? Можа ты яго шкадуеш, ці ён табе спадабаўся?..

   - Справа не ў гэтым. Калі ты яго пакараеш смерцю, то можа здарыцца благое...

   - Што?

   - Паўстануць людзі, якія яго паважаюць, тады ўсім нам будзе канец.

   Гаспадар прызадумаўся і зірнуў на вешчуна, які, здавалася, увогуле страціў цікаўнасць да ўсяго, што тут адбывалася.

   - Пашанцавала табе. Але толькі на гэты раз. Другі раз не дарую, так і запомні. А зараз ідзі, і папярэджваю - кідай пакланяцца старым багам.

   - I не падумаю! - горда адрэзаў вяшчун. - А смерці, ваявода, я не баюся, бо пасля смерці цела прарасце мая душа. Яна не адляціць на неба, яна застанецца тут, на зямлі, і прарасце белай бярозкай, бо ніколі я не рабіў людзям благога. Ніколі... Ты ж, як ні імкніся, на той свет таксама не трапіш - асінай гнуткай і гнілой пасля скону станеш. Памятай і ты, не забывайся...

   Развязалі вешчуна, і ён, ні з кім не развітваючыся, пайшоў назад, да тых людзей, ад якіх яго сёння забралі. Гаспадар ледзьве стрымліваўся, каб не закрычаць услед што-небудзь абразлівае. Потым паклікаў да сябе дзесяцкага:

   - Скажы, вой, за што яго людзі так любяць? Ён жа не багаты і не вяльможны, у простай вопратцы, нават у лапцях ходзіць...

   - Яны, ваявода, яго шануюць найперш за тое, што ён сам з імі добра абыходзіцца. Па-другое, таму, што вылечыў многіх, паставіў на ногі, даў магчымасць сустракаць і праважаць ласкавае сонейка, а гэта не забываецца. Ды і за ўсялякай простай парадай ідуць да вешчуна. Да нас жа з вамі не прыходзяць?

   - Не прыходзяць, - ці то паўтарыў, ці то адказаў гаспадар.

   3 таго дня прайшоў, можа, год, а можа, і болей, і здарылася ліха - у ваяводы моцна захварэў адзіны сын. Ляжаў, бедалага, і ні есці, ні рухацца, нават размаўляць не мог. Якіх толькі варажбітоў і лекараў ні прыводзілі да хлопца - нічога не дапамагала. Гаспадар плакаў горкімі слязьмі. Тут ён пераканаўся, што гора для ўсіх аднолькавае - і для бедных, і для багатых.

   - Людзі, людзі, даруйце мне мае грахі! - прасіў ён. - Даруйце і дапамажыце, каб мой адзіны сын устаў! Усё, што маю, таму чалавеку аддам! Сам жабраваць пайду - толькі б сына паставіць на ногі. Ён жа мой адзіны нашчадак!

   Людзі толькі разводзілі рукамі і паціскалі плячыма Шкадавалі ваяводу, забывалі яму старыя грахі, здзекі ды кпіны, але дапамагчы не маглі.

   Да Бога ён ужо і не звяртаўся, відаць, пераканаўся, што неба застаецца абыякавым да няхай сабе і шчырых але такіх далёкіх ад пазамагільнага свету людзей. Плакаў і лісліва паглядваў на пасланцоў - ад іх зараз залежаў лёс ягонага сына.

   - Ну што, прывезлі каго-небудзь?..

   Тыя панура маўчалі.

   Аднаго разу да ваяводы зайшоў той самы стары дзесяцкі, які цяпер ужо сотнікам быў, пакланіўся нізка і прамовіў:

   - А што, гаспадар, калі мы таго вешчуна з пушчы прывязём, якога ты некалі адсюль выгнаў?

   - Вязі, толькі б сын выжыў. Усё, што хочаш, абяцай, скажы, што я нічога не пашкадую...

   Прывезлі таго вешчуна з лесу. Ён стрымана павітаўся і запытаўся ў гаспадара:

   - Дзе ваш хворы? Паказвайце, не цягніце час, гэта да дабра не прывядзе.

   Завялі ў пакой да хлопца. Глянуў на яго вяшчун, нахіліўся, за галаву ціхенька пакратаў і прамовіў:

   - Загадай, ваявода, тэрмінова вазок лёгкі ў дарогу збіраць ды сына апранай цёпла. Забяру яго да сябе, на месцы лячыць буду. Не палохайся, забыўся я ўжо пра тое, як ты некалі мяне прыніжаў. Чаго ў жыцці не здараецца...

   - Дапамажы... Дапамажы... - нібы заведзены, паўтараў гаспадар і парываўся прыпасці да кастлявай рукі вешчуна.

   Цяжка, ой як цяжка вярталіся сіла і здароўе да ваяводзінага сына. Можа, і вяшчун сумняваўся ў тым, што здолее нечым дапамагчы, але ні разу такога не прамовіў услых, нястомна паіў усялякімі адварамі ды ўзварамі, прыкладваў лісцікі ды карэньчыкі да збалелага цела.

   Ваявода не вытрымаў трох месяцаў, як яму наказаў вяшчун, і, узяўшы ахову, пад'ехаў да той глухой вёсачкі. Калі прыехалі, то першага, каго ўбачылі на прызбе на сонейку, - гэта хворага. Ён ужо паціху мог хадзіць і пры гэтым радасна ўсміхаўся.

   Заплакаў шчаслівы бацька і пачаў дапытвацца ў вешчуна, як яму аддзякаваць. Ён добра памятаў, што ні грошай, ні каштоўнасцей той не бярэ. Таму, калі вярнуўся ў палац, паклікаў да сябе старэйшага са слуг і загадаў:

   - Едзьце ў тую вёску, дзе ляжаў мой сынок, і там... пасадзіце шмат бярозак. Хай яны нагадваюць пра таго вешчуна і ягоных землякоў, якія яны светлыя і чыстыя душою...

   Даўно пайшоў са свету вяшчун, даўно не стала ваяводы, а бярозы тыя шумелі-гайдаліся не адно стагоддзе, захоўваючы памяць пра добрых людзей. Дык тое паселішча і назвалі - Бярозаўка.


Гродзеншчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў (Склад., запіс., апрац. А.М.Ненадаўца). - Мн.: Беларусь, 1999.


 


Joomla CMS