Вуліца легендарнай гражыны

   Імя легендарнай Гражыны насіла адна з вуліц нашага горада з 1921 па 1939 год.
   Згодна паданню Гражына — княгіня, жонка Навагрудскага князя Літавора. Даведаўшыся, што праз Навагрудак рухаецца ў бок Ліды вялікі атрад крыжакоў, стала прасіць мужа, каб ён сабраў сваю рыцарскую дружыну і перашкодзіў гэтаму паходу ворагаў. Не ведала княгіня, што Літавор уступіў у змову з крыжакамі і за тое, што яны не закрануць у гэтым паходзе Навагрудак і ягоных жыхароў, даў слова прапусціць іх міма без якіх-небудзь перашкод, пакідаючы тым часам без дапамогі Лідскі замак. Ніякія ўгаворы, маленне Гражыны не дапамаглі. Князь застаўся няўмалімы.
   Ноччу, калі ён спаў, Гражына, апрануўшы княжацкія даспехі, тайком выводзіць дружыну рыцараў на бой з крыжакамі. Яна аказваецца ў самых гарачых месцах схваткі. Сваім прыкладам адважная княгіня вядзе за сабою рыцарскую дружыну. Усе захапляюцца мужнасцю і маладзецтвам невядомага воіна.
   Вораг разгромлены. Але смяротна паранена Гражына, і ад ран яна памірае. I толькі тады ўсе ўбачылі, што пад княжацкім адзеннем была схавана жанчына — жонка князя – Гражына. Усё атачэнне было здзіўлена і ўражана.
   Па існаваўшаму ў тыя часы звычаю цела Гражыны перадалі агню.
   Дзякуючы гераічнаму ўчынку Гражыны крыжакі да Ліды не дайшлі. У памяць аб гэтай падзеі ўдзячныя лідчане назвалі былы Навагрудскі тракт вуліцай імя Гражыны. Пасля далучэння ў верасні 1939 года Заходняй Беларусі да БССР і да сённяшняга дня гэта вуліца Энгельса.

 

Вуліца легендарнай Гражыны // Лідская газета. 2005. - 14 мая.


 


Joomla CMS