Арлінае гняздо

   ...Ужо некалькі гадоў вялікі князь Гедымін кіраваў Вялікім княствам Літоўскім у Навагрудку. Усе гэтыя гады прайшлі ў цяжкіх вайсковых паходах супраць іншаземных ворагаў. На поўначы княства не было ніводнага абарончага збудавання супраць крыжакоў. Гэта потым будуць пабудаваны Віленскі, Трокскі і Крэўскі замкі; а зараз за Нёманам толькі лясы і балоты.

   Гедымін любіў Прынёманскі край: у рэках і азерах было шмат рыбы, у лясах - дзікіх звяроў. Таму між вайсковымі паходамі князь часта праводзіў час на паляванні. Паляванне, акрамя вайсковых паходаў, тады лічылася сапраўдным мужчынскім заняткам. Вось і зараз, набіўшы шмат дзічы, Гедымін вяртаўся ў Навагрудак. Конь Гедыміна стаміўся, і князь вырашыў напаіць яго, убачыўшы наперадзе невялікую раку. Падышоўшы да яе, Гедымін пачуў дзіцячы плач. Паглядзеўшы навокал, князь убачыў вялікі дуб, а на ім арлінае гняздо, вось адтуль і гучаў плач. Гедымін загадаў сваім падначаленым зняць з дрэва дзіця, і калі вярнуўся ў Навагрудак, аддаў хлопчыка на выхаванне ў княжацкі двор. Так як дзіця было знойдзена ў гняздзе (па- балцку — Lizdas), то хлопчыка празвалі Лідзейка. Лідзейка хутка рос і стаў адрознівацца ад усіх дзяцей. Ён тлумачыў сны, меў здольнасці да прадказання. Усё гэта паспрыяла таму, што Лідзейка стаў вярхоўным жрацом Вялікага княства Літоўскага.

   Аднойчы Гедымін вяртаўся з паўночнага паходу. Адпачынак прызначыў на ўзвышшы над ракой Вільня. Ноччу князь убачыў сон, што на гары стаіць жалезны воўк і раве, як сотня ваўкоў. Гедымін папрасіў жраца растлумачыць сон. Лідзейка сказаў: "Воўк жалезны, значыць горад - сталіцу, а тое, што ён раве, як сто ваўкоў, значыць, аб славе горада будзе ведаць увесь свет". Так паўстала сталіца ў будучым мацнейшай еўрапейскай дзяржавы Вялікага княства Літоўскага — Вільня.

   Вярхоўны жрэц Лідзейка паспрыяў выбару месца для новай сталіцы. Думаў Гедымін, як падзякаваць Лідзейку, і вырашыў пабудаваць замак на тым самым месцы, дзе знайшоў калісьці маленькага хлопчыка на дрэве ў арліным гняздзе.

   Шмат часу прайшло, і па сённяшні дзень мы бачым падзяку Вялікага князя Гедыміна галоўнаму жрацу ВКЛ Лідзейку — прыгожы моцны замак, каля якога цячэ рака Лідзейка. А ўсе мы, лідзяне, з'яўляемся жыхарамі Ліды — жыхарамі "арлінага гнязда".

 

Беркус, С. Арлінае гняздо. // Принеманские вести. - 2008.- 10 января.


 


Joomla CMS